«Санет» - новая кнігарня ў Слоніме

«Санет» - новая кнігарня ў Слоніме

На Гродзеншчыне заўжды шанавалі кнігу. І праз яе распаўсюджванне ў кнігарнях, і праз бібліятэчную прапаганду. Была арганізавана ў свой час нават прыватная бібліятэка беларускай кнігі імя Янкі Купалы ў адной са слонімскіх вёсак. Вось і новая кнігарня “Белкнігі” ў Гродзенскай вобласці адкрываецца менавіта ў Слоніме. З 15 чэрвеня яна пачне працаваць у тэставым рэжыме. А прымеркавана падзея да Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе ў старажытным горадзе 1 верасня.

Усяго ў Гродзенскай вобласці працуе 11 кнігарань, “Санет” – дванаццаты па ліку гандлёвы пункт “Белкнігі” на Гродзеншчыне і сто сёмы ў рэспубліцы. І, канешне ж, у той старонцы, дзе рабілі сваі першыя крокі ў вялікую творчасць легендарныя паэты А.Лойка, М.Арочка, А.Іверс, В.Супрун, літаратуразнаўца і паэт І.Чыгрын, гэта павінна быць адмысловая кнігарня, скіраваная на прапаганду беларускага асветніцтва, айчыннай літаратуры.

Аб асартыменце кніг у “Санеце” чытачам часопіса “Літаратура і Мастацтва” (РВУ “Звязда”) распавёў генеральны дырэктар ОАО “Белкніга” Аляксандр Вашкевіч.

“Слонім нам уяўляецца адметным у плане ўвагі да кніжнасці. І насельніцтва тут нямала як для раённага цэнтра. Яшчэ тут працуць прыватныя кнігарні, з якімі давядзецца за пакупніка сапернічаць. Трэба зразумець густы, зацікаўленні пакупніка. На гэта таксама патрэбен час. Таму спадзяёмся на добрыя, разумныя падсказкі, на канструктыўныя прапановы. І верым, што “Санет” стане добрым асветніцкім пунктам на карце горада Слоніма і Слонімскага раёна”, - адзначыў Аляксандр Вашкевіч.

Цяпер, акрамя Гродна, кнігарні “Белкнігі” ёсць у Бярозаўцы, Ваўкавыску, Лідзе і Шчучыне.


Апублікавана:
Праглядаў:
1 230
Галіны дзейнасці:
Рэгіёны Беларусі: