СМІ складуць асобную групу ў рабоце над дасягненнем МУР у Беларусі

СМІ складуць асобную групу ў рабоце над дасягненнем МУР у Беларусі

 Сродкі масавай інфармацыі складуць дадатковую групу ў нацыянальнай архітэктуры кіравання працэсам дасягнення МУР. Аб гэтым заявіла журналістам нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна перад адкрыццём першага Нацыянальнага форуму ўстойлівага развіцця ў Мінску.

На думку Мар'яны Шчоткінай, яшчэ давядзецца многае зрабіць для шырокага разумення грамадствам сутнасці МУР і ролі кожнага чалавека ў іх дасягненні. "Мы вельмі спадзяёмся на журналістаў у гэтай рабоце. Выдатна, што міністр інфармацыі выступіў з ініцыятывай стварыць у нашай нацыянальнай архітэктуры дадатковую групу - гэта СМІ, журналісты, якія вельмі паглыблены ў тэму. Ужо адбыўся першы семінар з іх удзелам. Гэта значыць інфармацыйная работа павінна весціся па ўсіх напрамках. І, вядома ж, у сацыяльных сетках", - сказала Мар'яна Шчоткіна.

Таксама яна падкрэсліла ролю партнёрскай групы, у якую паступаюць прапановы ад грамадскіх аб'яднанняў. "Ёсць нефармальныя лідары, якія адказваюць за розныя напрамкі работы: эканоміка, экалогія і г.д. Усе прапановы адпрацоўваюцца - гэта ж наша агульная справа", - растлумачыла нацыянальны каардынатар.

У 2015 годзе дзяржавы - члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, які ўключае ў сябе спіс з 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР). Яны накіраваны на ліквідацыю беднасці і голаду, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, вырашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі змяненнямі. Парадак дня-2030 - гэта комплексная стратэгія павышэння якасці жыцця людзей, развіцця і спажывання без шкоды для будучых пакаленняў. Усе 17 мэт адаптуюцца і для Беларусі. Над гэтым працуюць нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, Савет па ўстойлівым развіцці (куды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх дзяржорганаў), партнёрская і іншыя групы, грамадзянская супольнасць і міжнародныя арганізацыі. Усе іх прапановы будуць адлюстраваны ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Праграмныя дакументы, заканадаўчыя акты таксама будуць абапірацца на мэты Парадку дня-2030.

Першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці праходзіць сёння ў Мінску пры ўдзеле дзяржсектара і партнёраў, а таксама міжнародных прадстаўнікоў. У ходзе пленарнага пасяджэння і работы панэльных секцый яны абмяняюцца меркаваннямі і агучаць свае прапановы па далейшай рабоце ў галіне МУР і неабходных мерах для яе ўдасканалення, намецяць арыенціры на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектывы.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 052