”Созвучие“: справа выдання доўжыцца

”Созвучие“: справа выдання доўжыцца

Пабачыў свет чарговы — пяты выпуск літаратурна-мастацкага альманаха ”Созвучие“. Гэтым разам ён прадстаўляе літаратуры Беларусі, Расіі, Туркменістана, Узбекістана.

Падмурак быў закладзены ў 2013 годзе, калі Выдавецкі дом ”Звязда“ выпусціў некалькі кніг ”Созвучие“, прадставіўшы ў кожным з тамоў розныя нацыянальныя літаратуры краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Але ж справу не хацелася пакідаць, таму і распрацавалі ідэю выдання альманаха. Эстафету падхапіла ”Мастацкая літаратура“.

З Расійскай Федэрацыі ў выпуску 2019 года прадстаўлены: з вершамі — Максім Замшаў, з прозай — старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў, Валерый Казакоў, Алена Тулушава, з крытыкай — Любоў Турбіна. Гэта пісьменнікі, якія пішуць на рускай мове. А яшчэ ж — нацыянальныя літаратуры Расіі: з творамі ад імя сваіх літаратур выступаюць дагестанцы Пецімат Рамазанава, Марат Гаджыеў, балкарац Саліх Гуртуеў, шорская паэтэса Любоў Арбачакава, марыец Гельсій Зайніеў, чачэнцы Пецімат Пецірава, Муса Ахмадаў, чуваш Валеры Тургай.

Туркменская літаратура ў ”Созвучии“ — два апавяданні Агагельды Аланазарава, аднаго з найбольш вядомых пісьменнікаў Каракумскага краю. З узбекскіх пісьменнікаў — Сіражыддзінг Саід з эсэ ”Два стагоддзі — адно жыццё“, прысвечаным Андрэю Вазнясенскаму, і Рысалат Хайдарава з гістарычным апавяданнем ”Трэцяе прадказанне“.

Беларускую літаратуру ў альманаху прадстаўляюць Марыя Кобец, Дзмітрый Пятровіч, Людміла Рублеўская, Андрэй Федарэнка, Ганад Чарказян.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.


Апублікавана:
Праглядаў:
540