Мультымедыйны праект "Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917-1922 гг." на "TIBO 2019"

Мультымедыйны праект "Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917-1922 гг." на "TIBO 2019"

З 9 па 12 красавіка Нацыянальная бібліятэка Беларусі прыме ўдзел у XXVI Міжнароднам форуме па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБО-2019».

У рамках мерапрыемства на цэнтральным стэндзе галоўная бібліятэка краіны прэзентуе мультымедыйны праект «Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917-1922 гг.».

Электроннае выданне з’яўляецца сумесным праектам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

На двух дысках размешчаны электронныя копіі каля 2400 нумароў газет (амаль 80 назваў), якія выходзілі ў 1917–1922 гг. на тэрыторыі сучаснай Беларусі і за яе межамі, але мелі дачыненне да Беларусі.

У DVD уключаны газеты, якія былі выдадзены ў Мінску, Вільні, Віцебску, Магілёве, Гродне, Гомелі, Бабруйску, Маскве, Оршы, Смаленску, Варшаве, Мазыры, Полацку, Маладзечне, Рагачове.

Інтэрфейс двухмоўны: інфармацыя прадстаўлена на беларускай і рускай мовах.

Кантэнт электроннага выдання складае прэсса розных грамадска-палітычных сіл – ад хрысціянска-дэмакратычнай «Krynica» да бальшавіцкай «Звезды» – пераважна на рускай і беларускай мовах, і прадстаўлены толькі 2 выданні на польскай мове: («Dziennik Grodzieński» (Гродзенская газета) Гродна) і «Głos robotniczy» (Рабочы голас) Вільня). Віленскія выданні «Homan» і «Krynica» надрукаваны лацінскім шрыфтам і кірыліцай.

За працяглы перыяд свайго існавання газеты сталі крыніцай фарміравання грамадскай свядомасці, яны спрыялі станаўленню нацыянальнай дзяржаўнасці, мовы, культуры, развіццю мастацтва і літаратуры. Для даследчыкаў яны з’яўляюцца багатым фактаграфічным матэрыялам, які можна выкарыстоўваць як крыніцазнаўчую базу для вывучэння гісторыі Беларусі, правядзення гісторыка-аналітычных даследаванняў розных аспектаў палітычнага, эканамічнага, сацыяльна-культурнага жыцця краю.

Электроннае выданне разлічана на навукоўцаў, выкладчыкаў, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў ВНУ, краязнаўцаў, а таксама на ўсіх зацікаўленых айчыннай гісторыяй.

Апублікавана:
Праглядаў:
356