Старонкі светлага лёсу
Рыгора Васільевіча Булацкага па ўкладу ў беларускую журналістыку наўрад ці нехта зможа перасягнуць. Педагог, гісторык, журналіст. Доктар гістарычных навук, прафесар. Лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР і Саюза журналістаў Беларусі. Ініцыятар стварэння і першы дэкан сучаснага факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цікавае супадзенне: 5 мая — Дзень друку ў Беларусі і дзень нараджэння навукоўца і журналіста.
Гэтымі днямі будзе адзначацца 100-годдзе з дня нараджэння Рыгора Булацкага. Пра яго часта ўспамінаюць, шмат пішуць — чаго вартая адна кніга «Скрыжаванні лёсу» Алеся Марціновіча, якая перавыдавалася і, магчыма, яшчэ будзе перавыдавацца… З нагоды юбілею пагарталі некаторыя старонкі пакручастага, але яркага жыцця Рыгора Булацкага — чалавека-легенды.
Крыху пра вытокі
Як тлумачыць сын стваральніка журфака — прафесар кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Булацкі — з назвай вёскі, дзе нарадзіўся і вырас Рыгор Булацкі, адбылася блытаніна. Зусім блізка адна ад адной у Бабруйскім раёне знаходзяцца Пятровічы, Мартынаўка, Мачулкі. І менавіта апошняя пазначана ва ўсіх крыніцах як родная вёска навукоўца.
— Мабыць, гэта бацька ўвёў такую блытаніну, — разважае Вячаслаў Рыгоравіч. — Сям'я Рыгора Васільевіча жыла ў Мартынаўцы, якая знаходзіцца за 200 метраў ад Мачулак. Магчыма, пры запаўненні пэўных анкет, відаць, падчас прызыву ў армію, запісалі: «Мачулкі». Бо гэта больш буйная вёска, у Мартынаўцы было ўсяго некалькі хат. Спытаць, як дакладна ўсё адбывалася, ужо няма ў каго.
Фактычна ж месцам нараджэння Рыгора Васільевіча лічыцца нават не Мартынаўка, а хутар каля яе. Яго бацька Васіль Аляксандравіч, якога называлі Васільчык, і маці Дар’я Кузмінічна, яе ж звалі Адаркай, былі заможнымі сялянамі, мелі даволі вялікую гаспадарку і жылі асобна ад вёскі. Зразумела, да калектывізацыі, якую Васіль Аляксандравіч не прымаў. Менавіта на гэтых выселках будучы журналіст і навуковец зведаў, што такое сельская праца: пасвіў кароў, коней, коз, дапамагаў на сенажаці. Між тым Рыгор быў пятым дзіцем у гэтай вялікай і дружнай сям’і.
Пачатковую школу Рыгор Булацкі скончыў у Пятровічах. Будынак адной з трох школ у Гарбацэвічах, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю, яшчэ стаіць, але цяпер гэта прыватная тэрыторыя. Захаваўся нават склеп тых часоў. У ім трымалі прадукты, якімі кармілі вучняў школы зімою. Да школы ў Гарбацэвічах ад Мартынаўкі было прыкладна 10 км, таму ў халодныя зімовыя месяцы дзеці жылі, як кажуць, па хатах. Так атрымалася, што нейкі час Рыгор Булацкі грэўся на адной печы з яшчэ зусім маленькім Алесем Адамовічам, якога і тады, і пазней, у сталым узросце, называў малым: розніца паміж імі складала 6 гадоў. Сяброўства пранеслі праз усё жыццё, хоць погляды іх вельмі адрозніваліся.
— Бацька расказваў гісторыю, калі зімой яму па нейкай прычыне давялося ісці гэтыя 10 кіламетраў дадому, — успамінае Вячаслаў Рыгоравіч. — У нейкі момант яго акружыла зграя ваўкоў. Адзіным выйсцем тады было залезці на сасну. Сядзець на дрэве прыйшлося вельмі доўга, ён вельмі змерз, ваўкі ж сядзелі вакол і чакалі. На шчасце, з Мачулак ехаў нейкі селянін, у якога была паляўнічая стрэльба. Ён адагнаў звяроў.
І ўсё ж вучоба ў школе для яго была задавальненнем. Для дапытлівага розуму падлетка школьных прадметаў было недастаткова — удзельнічаў у літаратурным гуртку, дзе пазнаёміўся з творчасцю земляка Платона Галавача. Творы гэтага пісьменніка абудзілі ў Рыгоры першыя парасткі літаратурнага майстэрства. Магчыма, дзякуючы пісьменніку сельскі хлопец ўсвядоміў, што выхадзец з глыбінкі можа стаць часткай вялізнага свету. Першыя і найбольш удалыя літаратурныя эксперыменты друкаваліся ў Бабруйскай газеце «Камунiст».
Рыгор Булацкі (стаіць крайні справа) з баявымі сябрамі.
Вясковы гараджанін
У канцы 1960-х на падворку Рыгор Булацкі пабудаваў для бацькоў новую хату замест той, што была пастаўлена ў 1920-х. Узводзілі талакой: сваякі, сябры, сярод якіх былі добрыя цесляры. Як расказвае Вячаслаў Булацкі, драўніна аказалася настолькі якаснай, што з 1968 года дом амаль не змяніўся. Калі бацькі Рыгора Васільевіча пайшлі з жыцця, ён вырашыў перадаць дом на баланс сельсавета. З таго часу там жылі сем’і калгаснікаў. Цяпер дом належыць мясцоваму жылкамунгасу, які здае яго ў арэнду. Нічога ў ім з часу пабудовы не змянілася. На падворку захавалася нават гаспадарчая пабудова, якая стаяла там першапачаткова, пры старым доме. Складалася яна з кароўніка, хлява для кабана, а ў правай частцы заўсёды знаходзілася адрына, дзе Рыгор Васільевіч любіў спаць летам. У духмяным сене прывучаў спаць і сына Вячаслава.
Рыгор Булацкі вельмі любіў прыязджаць у вёску. Як правіла, тады пачыналася сапраўдная вечарына. Але ж нязменнай задачай было наведваць бацькоў абавязкова два разы на год, каб пасадзіць і выкапаць бульбу. Аднак стан здароўя не дазваляў яму займацца цяжкай фізічнай працай: раненне давала аб сабе знаць. Увогуле, расказвае Вячаслаў Булацкі, нягледзячы на тое, што нарадзіўся і вырас у вёсцы, бацька не любіў займацца хатняй гаспадаркай і не быў прыстасаваны ў бытавым плане. Адзін час сям’я жыла ў кватэры на вуліцы Кірава: у гэтым жа доме жыў Іван Навуменка, сябар Рыгора Булацкага. У сэнсе практычнасці, заўважалі іх жонкі, яны былі падобны адзін да аднаго.
Кампенсавала гэта душэўная дабрата, прыкладаў якой — безліч. Не ўсе ведаюць, што, акрамя сваіх трох дзяцей — Вячаслава, Сяргея і Наталлі, — ён дапамог выхаваць чацвярых пляменнікаў, якія рана сталі сіротамі. Акрамя ўвагі да студэнтаў, асабліва з вёскі, апекаваўся вяскоўцамі, якія часта гасцявалі ў яго кватэры ў Мінску, рэгулярна прасілі дапамогі. Быў нават выпадак, калі Рыгор Булацкі прывёў нецвярозага студэнта да сябе пераначаваць.
Падчас збору матэрыялу для кнігі пра Панцеляймона Лепяшынскага.
Вайсковец
Сваю будучую прафесію Рыгор абраў адразу: настаўнік гісторыі. Пасля заканчэння школы ў 1939 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. Аднак пачаць вучобу не давялося: прыйшоў выклік у раённы ваенкамат, і Рыгор быў адпраўлены ў Днепрапятроўск, у 450-ы асобны батальён сувязі. Крыху пазней — у чэрвені 1941 года — скончыў Мелітопальскае авіяцыйнае вучылішча... Шмат хто ведае гісторыю з набыццём самалёта (ідэя была Рыгора Булацкага), прыклады подзвігаў экіпажа… Але далёка не ўсе помняць, што нават пасля сур’ёзнай траўмы лётчык хацеў вярнуцца ў авіяцыю. Не дазволілі.
У першыя дзесяцігоддзі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Васільевіч не вельмі любіў гаварыць пра падзеі таго перыяду: відаць, яшчэ моцна балела. Аднак пазней часта дзяліўся ўспамінамі. Адной з найбольш шчымлівых стала гісторыя, якая здарылася ў Венгерскім шпіталі, куды ён трапіў амаль на 9 месяцаў пасля ранення — пералому пазваночніка. Там Рыгор Булацкі пазнаёміўся з хлопчыкам-сіратой, які ўвесь час яму дапамагаў, і яны адчулі прыхільнасць адзін да аднаго. Савецкі вайсковец хацеў усынавіць хлопчыка, аднак зрабіць гэта яму не ўдалося..
Уладальнік шматлікіх узнагарод, атрыманых за ваенныя подзвігі, у тым ліку ордэна Айчыннай вайны I ступені, медалёў «За вызваленне Будапешта» і «За вызваленне Бухарэста», ён амаль не насіў іх. Акрамя аднаго — ордэна Чырвонай Зоркі: таму што баявы. Сваіх баявых сяброў яму не адразу ўдалося знайсці: з лейтэнантам, камандзірам Васілём Ульянавым малодшы лейтэнтант, штурман Рыгор Булацкі сустрэўся нашмат пазней, калі высветлілася, што ветэраны збіраліся на адмысловыя сустрэчы. З таго часу яны даволі блізка сябравалі, многа перапісваліся. А вось след Аляксея Пятрова, старшага тэхніка-лейтэнанта, пасля вайны згубіўся. Вячаслаў Рыгоравіч успамінае: прыкладна ў пачатку 1960-х да іх прыехаў чалавек у «неналежным» выглядзе. Рыгор Васільевіч паклаў яго ў сябе спаць, а жонцы сказаў, што гэта яго баявы таварыш. Цяпер ужо немагчыма высветліць, кім быў гэты незнаёмец. Магчыма, і Аляксей Пятроў — трэці сябар «Экіпажа дружных».
Памяць аб дэкане
Тыя, хто ведаў Булацкага, заўважаюць: журналістыка стала яго другім жыццём. Ён заўсёды вучыўся, спяшаўся даведацца і ўбачыць як мага больш. І ўсё паспяваў: дапамагаць родным, займацца грамадскай працай, калі быў старшынёй прафкама і сакратаром парткама ўніверсітэта; потым — вучыцца ў аспірантуры і рыхтавацца да абароны кандыдацкай, выкладаць на аддзяленні журналістыкі; пазней — узначальваць філфак, дамагацца адкрыцця ў БДУ факультэта журналістыкі, пісаць доктарскую дысертацыю…
Дэкан Рыгор Булацкі са студэнтамі замежнага аддзялення.
Якой была б беларуская журналістыка без яго?
Вячаслаў Рыгоравіч распавядае, што ў сям’і быў вялікі фотаархіў, але многія журналісты бралі здымкі, каб праілюстраваць свае матэрыялы, і, на жаль, не вярталі. Таму, калі вырашылі сёлета зрабіць памятны стэнд у гонар Рыгора Булацкага, вельмі доўга шукалі і падбіралі фота, бо многія, зразумела, аказаліся не самай лепшай якасці. Так ці інакш, удалося сабраць неабходнае, каб адпавядаць канцэпцыі праекта: задума — распавесці пра Рыгора Васільевіча, яго навуковую і грамадскую дзейнасць і ваеннае жыццё, а таксама пра журфак. Буйны інфармацыйны стэнд фабрычнай вытворчасці плануюць размясціць ва аўдыторыі, якая носіць імя Рыгора Васільевіча Булацкага. Пакуль там можна знайсці толькі кароткую біяграфію і выпадковыя фотаздымкі, якія ілюструюць пачатак журфакаўскага жыцця і непасрэдна да дзейнасці заснавальніка факультэта дачынення не маюць. Дарэчы, паменшаны варыянт стэнда перададуць новай школе ў Гарбацэвічах. На яе будынку сёння вісіць мемарыльная дошка ў гонар Платона Галавача, асобай якога вельмі цікавіўся ў свой час Рыгор Булацкі. У перспектыве можа з’явіцца яшчэ адна дошка…
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».