Сустрэча з кіраўніцтвам Усекітайскай Асацыяцыі журналістаў

Сустрэча з кіраўніцтвам Усекітайскай Асацыяцыі журналістаў

У  Міністэрстве інфармацыі краіны прайшла сустрэча з кіраўніцтвам Усекітайскай Асацыяцыі журналістаў.

Адкрываючы сустрэчу, Міністр інфармацыі краіны Аляксандр Карлюкевіч заўважыў, што кітайская журналісцкая супольнасць знаходзіцца ў добрых стасунках з калегамі з Беларусі. Гэта відаць і па стасунках розных мас-медыя Кітая і Беларусі, і па кантактах Усекітайскай Асацыяцыі журналістаў з Беларускім саюзам журналістаў. Пра гэта якраз найперш і ішла размова на сустрэчы з кіраўніцтвам згаданай асацыяцыі ў міністэрстве інфармацыі Беларусі. Сярод удзельнікаў быў і першы наменсік старшыні Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў.

– Мы лічым, што наспела неабходнасць выбудаваць агульную платформу для абмена інфармацыяй паміж нашымі краінамі, – заўважыў на сустрэчы выканаўчы дырэктар Усекітайскай Асацыяцыі журналістаў спадар Чжан Байсінь. – Гэтаму магло б паспрыяць і стварэнне супольнай грамадскай арганізацыі, якая б аб’яднала журналістаў з розных краін.

Сярод удзельнікаў беларуска-кітайскага дыялогу ў мінінфарме былі і выканаўчы віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі журналістаў ў правінцыі Фуцзянь спадар Іе Дзешын, намеснік галоўнага рэдактара Shenzhen Media Group Лі Цзін, віцэ-прэзідэнт радыёстанцыі “Яньтай” Дэн Чжаоань, намеснік начальніка Еўрапейскага аддзела Дэпартамента міжнародных сувязяў Усекітайскай Асацыяцыі журналістаў спадар Чжэн Цзін, намеснік галоўнага рэдактара штотыднёвіка “Outlook weekly” Ван Лэй.

Міністр інфармацыі расказаў кітайскім гасцям пра велізарны вопыт супрацоўніцтва з літаратарамі, публіцыстамі, літаратурна-мастацкімі крытыкамі, перакладчыкамі Кітая, які ўжо назапашаны беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыкай. Найперш – часопісамі “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, газетай “Літаратура і мастацтва”. Размова на сустрэчы ішла і пра вопыт работы кітайскіх мас-медыя ў Інтэрнэце, сацыяльных сетках. Кітайскія калегі запрасілі беларускі бок да ўдзелу ў семінарах, канферэнцыях па пытаннях журналісцкай адукацыі і практыкі ў КНР. А таксама выказалі спадзяванне на наладжванне трывалых стасункаў з ВНУ Беларусі, якія займаюцца падрыхтоўкай журналісцкіх прафесійных кадраў. Найперш – для працы ў Інтэрнэт-медыя. Гасцям з Кітая былі падараваны кнігі кітайскай паэзіі, якія выйшлі ў Беларусі на беларускай мове, а таксама некалькі нумароў часопіса “Беларусь”, які выдаецца і на кітайскай мове.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 369
Галіны дзейнасці: