“Свіслацкая газета” адзначе юбілей
29 лістапада спаўняецца 75 гадоў з дня выхаду ў свет першага нумара “Свіслацкай газеты”.
У 1943 годзе, калі наша рэспубліка змагалася з фашысцкімі акупантамі ў партызанскі атрад быў скінуты з самалёта каштоўны груз – паходная партатыўная друкарня з запасам шрыфта і паперы. А праз некаторы тэрмін, 29 лістапада, свет пабачыў першы нумар “Свислочской правды”.
Пасля вызвалення Свіслачы газету назвалі “За Родину”. Працяглы час ў выдання была яшчэ адна назва – “Заветы Ильича”.
Газета сілай друкаванага слова ўплывала на важныя грамадскія працэсы, карысталася аўтарытэтам сярод чытачоў.
Выданне неаднаразова ўзнагароджвалася за ўдзел у абласных і нацыянальных конкурсах друкаваных СМІ.
Віншаванне калектыву рэдакцыі накіраваў Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.
“Сёння “Свіслацкая газета” імкнецца аб’ектыўна і ўсебакова асвятляць дзейнасць мясцовых органаў улады, накіраваную на павышэнне эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, захаванне яго духоўнай і культурнай спадчыны, як і ў былыя часы, застаецца вернай сваім чытачам”, - гаворыцца ў віншаванні.
Міністр пажадаў калектыву рэдакцыі творчага натхнення, шмат цікавых публікацый, добрага настрою, шчасця і дабрабыту.