Свята пісьменства ўсё бліжэй

Свята пісьменства ўсё бліжэй

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства, 7 жніўня, а 16 гадзіне ў Слоніме ў кнігарні «Санет» (вул. Чырвонаармейская, 40) адбудзецца прэзентацыя кнігі «Пацеркі даверу» берасцейскай паэтэсы Святланы Варонік.

У паэтычным зборніку Святланы Варонік – асэнсаванне навакольнага свету, прыроды, чалавека ў кантэксце зямнога быцця і Космасу. Гэта шлях чуйнай душы праз спазнанне болю, расчараванняў – да светласці і гармоніі.

Пачуццё і думка выяўляюцца ў лаканічных формах, якія даюць чытачу прастору для роздуму, для расчытвання падтэксту і пранікнення ў таямніцы паэтычнага слова.

Святлана Варонік – аўтар шматлікіх навуковых прац, артыкулаў у перыядычным друку, вершаў і апавяданняў. Перакладае з украінскай і польскай моў. Адна з найбольш значных яе прац – пераклад на беларускую мову «Акафіста да Маці Божай Нястомнай Дапамогі», выдадзены ў 2000 годзе Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквой.

У 2015 годзе ў свет выйшаў яе першы паэтычны зборнік «Маміна дрэва» і адразу прыцягнуў увагу творчай грамадскасці, набыў прыхільнікаў паэтычнага слова аўтаркі.

Прыемна адзначыць, что цікавасць людзей да друкаванага слова з кожным годам расце. Аб гэтым сведчаць не толькі колькасць наведвальнікаў бібліятэк, падпісчыкаў газет і часопісаў, але і ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў.

Горад і яго жыхары – у прадчуванні свята пісьменства, цікавых сустрэч са знакамітымі аўтарамі. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ААТ “Белкніга”.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 077
Галіны дзейнасці:
Краіны:
Падзея:
Рэгіёны Беларусі: