Сёння – 100 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа

Сёння – 100 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа

Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. У Івана было звычайнае вясковае дзяцінства і юнацтва. Вучыўся Іван Мележ аж у трох школах: у пачатковай — у родным Глінішчы, у сямігодцы — у Алексічах, заканчваў дзесяцігодку ў Хойніках.

Пасля заканчэння сярэдняй школы паслаў дакументы ў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі, літаратуры, і хоць выдатнікаў мусілі прымаць без экзаменаў, Мележ нават выклік з інстытута не атрымаў.

Bяpнyўcя ў Хoйнiкi, пpaцaвaў y paйкaмe кaмcaмoлa. У 1939 гoдзe I. Мeлeж cтaў cтyдэнтaм тaгo ж мacкoўcкaгa iнcтытyтa, aлe з пepшaгa кypca быў пpызвaны ў apмiю.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ён на фронце. У ліпені 1941 года быў сур’ёзна паранены ў правае плячо над Растовам і адпраўлены ў шпіталь у Тбілісі. У 1942 годзе скончыў курсы палітработнікаў і быў камандзіраваны ў 51-ю стралковую дывізію супрацоўнікам газеты.

Пад Растовам атрымаў другое раненне. Асколкам бомбы яму раздрабіла правае плячо, і ўсю руку хацелі ампутаваць. Але знайшоўся хірург, які выратаваў яе. Пасля гэтага пісьменнік атрымаў інваліднасць і камісія прызнала яго «нягодным да страявой службы».

Дабраўся Бугуруслана. Там працаваў эвакуіраваны з Малдавіі педінстытут, выходзіла мясцовая газета «Бугурусланская правда». У хуткім часе Іван Мележ стаў студэнтам-завочнікам і адначасова выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі гэтага інстытута.

У 1943-м Івана пераводзяць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які знаходзіўся тады на падмаскоўнай станцыі Сходня. Працу тым жа выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі ён спалучаў з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ, пасля перавёўся на стацыянар і ўжо ў вызваленым Мінску атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі. Прага ведаў, аднак, не змяншаецца: Мележ Іван Паўлавіч паступіў у аспірантуру, працаваў над дысертацыяй па творчасці Кузьмы Чорнага, выкладаў родную беларускую літаратуру там жа, у родным універсітэце. Тады і зрабіў ён першую сур’ёзную заяўку ў мастацкай прозе – сваімі апавяданнямі і аповесцямі, эсэ і нарысамі.

Працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1945, у 1966 годзе – сакратар Саюза пісьменнікаў БССР, а ў 1971 – 1974 гадах – намеснік старшыні праўлення гэтай арганізацыі.

Выбіраўся дэпутатам ВС БССР (1967 – 1976). Іван Мележ быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР – Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага савета міру.

Народны пісьменнік Беларусі (1972). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1972, за раман «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»), Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1976, за зборнік «Жыццёвыя клопаты»), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962, за раман «Людзі на балоце»).

Памёр 9 жніўня 1976 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Да 100-годдзя Івана Мележа выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў папулярнай і прэстыжнай серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» выпусціла кнігу «Іван Мележ. Пясняр Палесся». Праз успаміны блізкіх і родных, пісьменнікаў і журналістаў, даследчыкаў творчай спадчыны — крытыкаў і літаратуразнаўцаў — у кнізе паўстае вобраз Мастака і Чалавека, які ва ўсёй мастацкай велічы стварыў хроніку жыцця беларускага народа ў пераломныя 30-я гады ХХ стагоддзя. Яркія вобразы мележаўскіх герояў увайшлі ў свядомасць нашых суайчыннікаў, прымножыўшы духоўныя скарбы нацыі.

На прыканцы мінулага года ў серыі «Напісанае застаецца» выдавецтвам «Мастацкая літаратура» выпушчаны ў свет раман Івана Мележа «Людзі на балоце».

5 лютага 2021 года ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэзентацыя кнігі «Іван Мележ. Пясняр Палесся», што ўбачыла свет у серыі «ЖЗЛБ». У ёй прынялі ўдзел дырэктар выдавецтва Алесь Бадак, галоўны рэдактар Віктар Шніп, загадчык рэдакцыі мастацкага афармлення Міхаіл Дайлідаў, а таксама ўкладальнік кнігі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі.

Алесь Бадак, расказваючы пра серыю «ЖЗЛБ», нагадаў: «Вельмі мала засталося людзей, якія асабіста ведалі Івана Паўлавіча. Таму вельмі важна фіксаваць успаміны, якія кажуць не толькі пра маштаб асобы героя, але і пра літаратуру, і пра беларускі народ у цэлым. Такія выданні павінны быць у школах, універсітэтах, бібліятэках, таму што гэта не толькі біяграфія канкрэтнага аўтара, гэта адлюстраванне гісторыі нашай краіны».


Апублікавана:
Праглядаў:
193