«Транскрыпцыя любові»: тэма малой радзімы на старонках газеты «Ляхавіцкі веснік»
Рэгіянальны друк Беларусі з’яўляецца адным з найбольш важных складнікаў інфармацыйнай прасторы нашай краіны. Прэстыж рэгіянальных выданняў можна патлумачыць актуальнасцю інфармацыі, магчымасцю ўзняць важныя праблемы сваёй мясцовасці і іх аператыўнага вырашэння. Пытанні палітычнага, эканамічнага, культурнага і сацыяльнага развіцця рэгіёна знаходзяць сваё месца на старонках раённых газет.
Газета «Ляхавіцкі веснік» – гэта выданне, якое вылучаецца аналітычнасцю, шырокай жанравай палітрай, навуковым падыходам, сур’ёзным вывучэннем шматлікіх сацыяльных праблем. Раёнка ўсебакова асвятляе жыццё Ляхавіцкага раёна, Брэсцкай вобласці і рэспублікі, інфармуе аб важных падзеях у краіне і за мяжой. На яе старонках пастаянна ўзнімаюцца праблемы эканомікі, сацыяльнай сферы, культуры. Газета прапагандуе лепшыя ўзоры працы, расказвае пра цікавых асоб.
Апошнім часам рэгіянальны друк Беларусі перажывае кардынальныя змены: мясцовыя выданні вымушаны змяняць стратэгіі рэдакцыйнай палітыкі, нанова заваёўваць чытача. Чалавеку важна не толькі арыентавацца ў сваім рэгіёне, але і быць дасведчаным адносна падзей, што адбываюцца ў краіне і свеце.
Як вядома, 2018–2020 гг. былі аб’яўлены Гадамі малой радзімы. У газеце «Ляхавіцкі веснік» на працягу 2018-2019 гадоў асаблівай папулярнасцю карысталася рубрыка «Транскрыпцыя любові», якая прысвечана малой радзіме. Прэм’ера адбылася 6 сакавіка 2018 года, а прэзентавала праект Вольга Пятроўна Барадзіна такімі словамі: «Чалавек нараджаецца з вялізным запасам любові. Да жыцця, да бацькоў, да сям’і, да братоў нашых меншых, да прыгажосці людской і навакольнай, самаробнай і прыроднай, той, што ў справах, і дадзенай звыш – Богам, сусветным розумам. Але сярод аб’ектаў любові ёсць адзін агульны для планеты людзей – Радзіма. У кожнага народа свая. Наша – Беларусь. А цяпер пытанне: што паўстае перад вачыма, калі ты гаворыш «любімая Беларусь»? У выявах любові ці не самых першых, акрамя дарагіх твараў, той куточак, дзе нарадзіўся, рос, сталеў, дзе жывеш. І сталічнаму жыхару, і чалавеку, які жыве ў сціплым райцэнтры, утульным аграгарадку ці зусім маленькай вёсачцы, уяўляецца мілы сэрцу куточак, які завецца малой радзімай. Што яна для цябе? Што ты для яе? Якія думкі-пачуцці-памкненні выклікае? На што натхняе? Чаму вучыць? Што падказвае? Хто і якія яны – землякі?» (06.03.2018).
Пра Ляхавіччыну пісалі не толькі прафесійныя журналісты, але і таленавітая моладзь. Так, у рубрыцы «Транскрыпцыя любові» была надрукавана праца васьмікласніцы Жарабковіцкай СШ Веранікі Казакевіч, чыё прозвішча было названа ў ліку пераможцаў у рэспубліканскім конкурсе работ творчай моладзі «Залатое пяро «Белай Русі-2019». Такую высокую адзнаку атрымала яе эсэ ў намінацыі «Мая непаўторная малая радзіма», дзе ў цэнтры ўвагі – аграгарадок Жарабковічы, вясковыя вуліцы і жыхары. Тыя, чыя маладосць і стваральная праца прыпалі на няпростыя часы пасляваеннага аднаўлення, адбудоўвання, пачатак росквіту калгаса «Беларусь» – сённяшняга ААТ «Жарабковічы». Прозвішчы аднавяскоўцаў, прыгожыя лёсы, адметныя старонкі недалёкай, але такой уразлівай гісторыі – і пра ўсё гэта з абсалютнай любоўю, захапленнем і шанаваннем расказвае юная зямлячка, чые пачуцці і ўспрыманне жыцця даказваюць, з чаго пачынаецца Радзіма: «Жыве вёска! І будзе жыць заўсёды, бо кожнае чалавечае жыццё – гэта не працяжнік паміж датамі нараджэння і смерці. Гэта памяць людская, і ўсё, што мною напісана, зроблена з адной мэтай: каб памяталі…» (28.06.2019).
У матэрыяле «Простае складанае лебядзінае шчасце» гімназістка Паліна Тататрыновіч з захапленнем распавядае пра райцэнтр Ляхавічы і адну з яго адметнасцяў – раку Ведзьму, на беразе якой штогод знаходзяць прытулак цудоўныя птушкі: «Спадзяюся, што яшчэ шмат гадоў мы зможам любавацца лебядзінай парай на Ведзьме. Лебедзі – доўгажыхары. Дваццаць чатыры гады прыгожага жыцця двух партнёраў у дзвюх стыхіях – вады і паветра. Гэта птушкі жыцця. Думаю, што варта ў нашым горадзе паставіць помнік у гонар гэтай лебядзінай пары і даць назву «Сям’і прысвячаецца». Гэта алегорыя будзе зразумелая ўсім» (19.04.2019).
Мінчанін Мацвей Шасцярнёў у матэрыяле «Тут усё маё» прызнаецца: «Мая малая радзіма знаходзіцца далёка ад сталіцы: памиж імі амаль 220 кіламетраў. Чаму не Мінск, падумаеце вы? Таму што менавіта тут збіраецца ўся сям’я, тут мае карані, тут усё маё. Ляхавіччына – цудоўны кавалачак нашай неабсяжнай Айчыны, дзе так прыемна сустракаць ціхія мірныя світанкі і любавацца захадам сонца…» (01.02.2019).
Па-свойму ў любові да родных краявідаў прызнаецца Вадзім Яфімчык, які выказвае свае пачуцці на ўніверсальнай мове фатаграфіі. У яго аб’ектыве – рака Шчара, Грушаўская сажалка і іншыя мілыя пейзажы Ляхавіччыны. Фотагалерэя мастака таксама была прадстаўлена ў «Транскрыпцыі любові».
Малая радзіма – гэта не проста раён ці вобласць, рэчкі і лясы, архітэктурныя помнікі, а яшчэ і людзі. Працавітыя. Шчырыя. Адданыя зямлі. На старонках раёнкі ў рубрыцы, прысвечнай малой радзіме, ёсць шмат цікавых матэрыялаў пра людзей з вялікая літары: «Наш Панкратавіч. Ёсць людзі, якіх паважаюць. Якімі ганарацца» (12.04.2019); у матэрыяле «Марыць не шкодна – шкодна не марыць» пра лёс дырэктара вытворчага ўпраўлення «Баранавічыгаз» Уладзіміра Столяра; «Творчае партфоліа мастака. Год малой радзімы для ляхавіцкага мастака Эдуарда Бурвеля напоўнены асаблівым зместам» (06.04.2018). Адзін з самых знакамітых людзей Ляхавіччыны – пісьменнік Алесь Бадак, для якога крыніцай творчасці з’яўляецца родная вёска: «Калі думаю пра свае Туркі, уяўляю вясковую вуліцу, дарогу, шлях са школы дадому, да сяброў. Гэта вуліца вяртання да родных, блізкіх. Яна ціхая, яна непрыкметная. Дарэчы, вуліца, дзе жыве мая мама, цяпер так і называецца – Ціхая. Яна сапраўды такая. Кожная хата, міма якой праходзіш, кожны крок, які робіш, – гэта жыццё, гэта мая біяграфія, мой лёс, гісторыя. І калі ўяўляю Туркі, безумоўна, перад вачыма – родная хата. А яшчэ мая радзіма там, дзе мама. Да яе, дадому, лячу ў любую вольную хвіліну», – так сказаў Алесь Мікалаевіч у адным з інтэрв’ю (15.05.2018).
Такім чынам, нельга пераацаніць значнасць публікацый у рубрыцы «Транскрыпцыя любові», што прысвечаны малой радзіме, бо для кожнага з нас – гэта самае важнае, самае любімае месца на зямлі. Усе дарогі вядуць дадому. З усіх вандровак, далёкіх і блізкіх, мы спяшаемся туды, дзе і дрэва, і камень у полі, і стары крыж на раздарожжы – усё да болю знаёмае і дарагое сэрцу. Менавіта такія журналісцкія матэрыялы маюць моцны выхаваўчы і патрыятычны эфект, пасяляюць у моладзі гонар за сваю краіну, горад, вёску, сям’ю.
Л.Г.Шасцярнёва, БДУ
Iнфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Рэгіянальныя СМI Рэспублікі Беларусь у лічбавую эпоху: ад лакальнай праблематыкі да інфармацыйнай бяспекі дзяржавы».
Крыніца - mediana.by.