«Тут пачынаецца мая радзіма…» Да 1000-годдзя Брэста

«Тут пачынаецца мая радзіма…» Да 1000-годдзя Брэста

Цудоўным падарункам для брастаўчан і гасцей 1000-гадовага Брэста стала каляровае літаратурна-мастацкае выданне «Анёл над Брэстам», якое ўбачыла свет у рэдакцыі абласной газеты «Заря». Аўтар вянка санетаў — паэт, журналіст Георгій Тамашэвіч.

На першай старонцы выдання змешчана прывітальнае слова старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука, прасякнутае пачуццём гонару і адказнасці за славуты і родны горад. Ва ўступным слове кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сенькавец адзначыў, што Георгій Тамашэвіч натхніўся назвычай складанай формай верша — вянком санетаў. «Чароўных паэтычных кветак» у ім ажно пятнаццаць!

Шчырыя паэтычныя радкі — гэта жывыя старонкі гісторыі з яе «даўнімі легендамі з сівізной», «стваральным гарэннем новых спраў» ды «жыццём, напоўненым святлом надзеі».

Ад старажытнага Бярэсця, ад вытокаў, праз успаміны і мары крок за крокам вядзе нас паэт да сённяшняга Брэста, што славіцца вялікімі набыткамі. Уражанні ад акрыленых паэзіяй прызнанняў роднаму гораду узмацняюць фотаздымкі В. Караля і А. Шульгача.

На заканчэнне паэтычна расказанай брэсцкай гісторыі змешчаны трыпціх «Вітаю тысячагоддзе!», у якім зноў спалучаецца слаўнае мінулае, дзе «векапомнымі свецяцца гады, жыватворнымі — промні падзей» і сённяшні дзень — у росквіце дасягненняў і спраў. Георгій Тамашэвіч параўноўвае родны горад з матуляй, якая і праводзіць, і сустрэне з далёкай дарогі, і «атуліць пяшчотнай рукой».

Дарэчы, вянок санетаў і паэтычныя прысвячэнні Георгія Тамашэвіча роднаму гораду, напоўненыя думкамі, развагамі, перажываннямі, знайшлі водгук у творчай моладзі. Юныя артысты, удзельнікі гарадскіх конкурсаў чытальнікаў, з задавальненнем выбіраюць вершы паэта, а гэта сведчыць, што эстафета падхоплена і «наш горад — працаўнік, пясняр і воін — вялікасці гісторыі дастойны, юнацкай думкай напаўняе змест…»

 Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты «ЛіМ».

Апублікавана:
Праглядаў:
989
Краіны:
Рэгіёны Беларусі: