НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ ПРЭМІЯ – 2019. “У белым ветразі завей”
Мінскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” вылучыла на Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная літаратурная прэмія” па выніках 2018 года ў намінацыі “Лепшы твор (зборнiк твораў) паэзii” паэтычны зборнік Марыі Кобец “У белым ветразі завей” (Мінск, “Народная асвета”, 2018).
Зборнік складаецца з чатырох раздзелаў: «Ранішні сон», «Размова з ветрам», «У белым ветразі завей», «Голас маёй сутнасці». Чытач знойдзе ў ім не толькі прызнанне ў любові да малой радзімы, роднай прыроды, беларускай мовы. Шмат твораў адлюстроўваюць развагі над такімі спрадвечнымі тэмамі, як дабро і зло, каханне і здрада, надзея і адчай, шчасце і гора. Апошні раздзел – своеасаблівы зварот да філасофскай і духоўнай лірыкі, пошук адказаў на пытанні аб прызначэнні чалавека на зямлі. У ім глыбока выяўляюцца патаемныя ўнутраныя перажыванні, узнёсласць і шчырасць аўтара.
Паэтка доўжыць традыцыі беларускіх паэтаў-класікаў, спалучыўшы ў сваіх творах і чысціню паэтычнай светлай лірыкі, і глыбіню філасофскай думкі. Яе вершы – гэта багатая на мастацкія вобразы паэтычная вандроўка на Палессе, у «бусліны край», а таксама спроба падштурхнуць чытача да разваг аб сэнсе быцця, сэнсе існасці.
Варта адзначыць, што ўжо сёння асобныя вершы з прадстаўленай да ўдзелу ў конкурсе кнігі Марыі Кобец перакладзены на азербайджанскую, албанскую, англійскую, балкарскую, башкірскую, бенгальскую, італьянскую, іспанскую, казахскую, кітайскую, кіргізскую, крымска-татарскую, малайскую, нямецкую, нідэрландскую, польскую, румынскую, русскую, сербскую, славенскую, тайваньскую, туркменскую, турэцкую, украінскую, пенджабі, хіндзі, чарнагорскую, чачэнскую, чувашскую мовы.
Творчасць Марыі Кобец, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2011 года) і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы (з 2016 года), высока ацэньваюць аўтарытэтныя крытыкі. Паэтка часта друкуецца ў рэспубліканскіх і замежных літаратурных часопісах і газетах, удзельнічае ў міжнародных фестывалях, шмат часу надзяляе перакладчыцкай дзейнасці. У творчым набытку Марыі Уладзіміраўны тры паэтычныя зборнікі: «Кроплі» (2011), «Палыновая квецень» (2016), “У белым ветразі завей” (2018). Акрамя таго паэтэса з’яўляецца ўдзельнікам шэрагу калектыўных паэтычных зборнікаў і анталогій, у тым ліку і міжнародных у такіх краінах як Албанія, Польшча, Сербія, Расія, Чачэнская рэспубліка, Кабардзіна-Балкарыя, Чувашыя, Малайзія, Мексіка.
Творца мае ўзнагароды: лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2012), Залаты лаўрэат “Міжнароднай Еўразійскай літаратурнай прэміі” у намінацыі “Мастацкая літаратура” (2018, Масква).