Віртуальная рэальнасць – у Слонімскім музеі
У Дзень беларускага пісьменства ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя І.І.Стаброўскага Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадставіў новы мастацкі праект “Куншты малявання. Адзін дзень з жыцця Сапегаў”, а таксама прэзентаваў праект “VKL3D” – макет Крэўскага замка з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці”.
Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Міхайлавіч Сапоцька адзначыў, што дадзены праект – гэта выстава з серыі малюнкаў, якія распавядаюць аб жыцці беларускай шляхты ў XVII стагоддзі. Куншт – састарэлае слова, якое абазначае выяву, відарыс. Сцэнарый заснаваны на рэальных падзеях нашай гісторыі – знаёмства і пачатак раману паміж маршалкам слонімскім Юрыем Трызнай і Рэгінай, сястрой Паўла Стэфана Сапегі.
Праект адметны тым, што малюнкі створаны на падставе відэароліка, а выкананы і надрукаваны пры дапамозе тэхналогіі стэрэадруку. Такая тэхніка надае сцэнам пэўную глыбіню і аб’ём.
П.М.Сапоцька адзначыў, што Нацыянальны гістарычны музей з’яўляецца навукова-метадычным цэнтрам для раённых музеяў, з якімі заўсёды вельмі падабаецца супрацоўнічаць. Павел Міхайлавіч прывёз у Слонім шмат навуковай літаратуры, цікавых альбомаў і кніг, якія ён перадаў дырэктару Слонімскага краязнаўчага музея Алене Канстанцінаўне Сухарукавай. Праект “VKL3D” дае магчымасць “Апынуцца ў сэрцы гісторыі”. Так, з дапамогай віртуальных акуляраў можна ўбачыць Крэўскі замак.
Хто завітаў у гэты дзень на выставу, змог на ўласныя вочы ўбачыць веліч нашай мінуўшчыны. З дапамогай 3D-рэканструкцыі выгляд гэтага замка атрымаўся яшчэ больш відовішчным.
“Рэальна захоплівае дух”, – чулася ў зале падчас дэманстрацыі.
Міхаіл Юрчак і Аляксандр Русецкі:
Раней мы ніколі не бачылі старажытных замкаў праз віртуальныя акуляры. Уражанні незабыўныя. Было б добра, каб такая выстава працавала ў нашым музеі заўсёды і была даўжынёй на ўсю залу.
Кір Крывушын і Раман Сіняк:
Праект вельмі незвычайны і карысны. Было цікава ўбачыць, як выглядаў Крэўскі замак у старажытнасці. Уразіў эфект прысутнасці. Мы бачылі не толькі сцены, падвясныя масты і вежы замка, але і птушак, якія праляталі ў небе.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты "Слонімскі веснік".