Выдадзены матэрыялы Міжнароднай беларуска-кітайскай канферэнцыі

Выдадзены матэрыялы Міжнароднай беларуска-кітайскай канферэнцыі

Сёлета ў горадзе Цяньцзінь (Кітайская Народная Рэспубліка) прайшла Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу.

Канферэнцыя праходзіла пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. У дні правядзення навуковага форуму беларускіх і кітайскіх даследчыкаў быў адкрыты Цэнтр Якуба Коласа.

Па матэрыялах канферэнцыі Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт выдаў зборнік артыкулаў, выступленняў (пад рэдакцыяй У.Куліковіча, В.Шахаб). Сярод аўтараў зборніка – магістр літаратуразнаўства Г.Альшэўская, намеснік дырэктара СШ №1 г.Бялынічы імя М.І.Пашкоўскага Г.Алянюк, дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Н.Антановіч, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Г.Арцямёнак, старшы выкладчык кафедры рускай мовы Інстытута еўрапейскіх моў і культур Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў Ван Чэнь, дацэнт Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва і абмену Хэнаньскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій Т.Ігнатовіч, магістрант перакладчыцкагна факультэта Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Лю Янмін, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” М.Трус, галоўны рэдактар Шылінголскага навукова-даследчага інстытута “Эканамічны калідор Кітая, Манголіі і Расіі” Чжан Цэйюань і іншыя дасведчаныя навукоўцы і практыкі ў справе арганізацыі беларуска-кітайскіх гуманітарных сувязяў.

Большасць артыкулаў, сабраных пад адной вокладкай, прысвечаны жыццю і творчасці народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. У некаторых публікацыях згадвалася і праца Выдавецкага дома «Звязда» ў прадстаўленні кітайскай літаратуры ў Беларусі. Напрыклад – у серыі паэтычных зборнікаў «Светлыя знакі: паэты Кітая».

Зборнік артыкулаў выдадзены на беларускай, кітайскай і рускай мовах.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».  

Апублікавана:
Праглядаў:
401