Якія кніжныя навінкі рыхтуе выдавецкі дом «Звязда» да выпуску ў 2024 годзе

Якія кніжныя навінкі рыхтуе выдавецкі дом «Звязда» да выпуску ў 2024 годзе

Аб кніжных навінках, якія рыхтуе выдавецкі дом «Звязда» да выпуску ў 2024 годзе, паведаміў дырэктар — галоўны рэдактар установы Алесь Карлюкевіч.

— Што ў прыярытэтах па фарміраванні праекта плана ў кнігавыдавецкай дзейнасці «Звязды» з разлікам на 2024 год?

 У прыярытэтах, безумоўна, — тая літаратура, якая носіць выразна выхаваўчы характар. Хаця, па вялікім рахунку, кожная кніга павінна выхоўваць чалавека, станоўча, гарманічна, высокадухоўна ўплываць на яго свядомасць,на будучыя, пасля прачытання, дзеі і ўчынкі. Вось, напрыклад, яшчэ сёлета, у 2023 годзе, мы выдаём дзве мастацкія кнігі, якія і героіка-патрыятычны кантэнт у сябе ўвабралі, і эстэтычную, выхаваўчую нагрузку нясуць. Гэта — другая кніга рамана лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча «Любі бліжняга твайго…» і раман Анатоля Бензерука «Галавасек», які прысвечаны спаленай у гады Вялікай Айчыннай вёсцы, лёсам людзей гэтага паселішча. Вельмі актуальныя і вельмі сучасныя празаічныя творы!.. А ў 2024 годзе мы выдадзім кнігу добра вядомага пісьменніка-дакументаліста Мікалая Барысенкі з Магілёва «Буйніцкае поле: застацца і памерці…». Хіба трэба тлумачыць, пра што кніга з такой назвай?! Старонкі дакументальнага расповеду руплівага збіральніка гістарычнай памяці, члена Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы, пошукавіка, краязнаўца Мікалая Барысенкі, чыя творчасць нядаўна была адзначана ў Расійскай Федэрацыі Літаратурнай прэміяй «Прохараўскае поле», — пра абарону Магілёва ў 1941 годзе, пра ўвесь драматызм і гераізм тых дзён, пра тое, чаму над Буйніцкім полем развеяны прах легендарнага ваеннага пісьменніка, аўтара рамана «Жывыя і мёртвыя» Канстанціна Сіманава…

Шмат важнага, шмат істотнага дзеля ўзнаўлення нашай блізкай гістарычнай памяці — і ў кнізе нарысаў пісьменніка старэйшага пакалення Расціслава Бензерука «Сардэчны абераг». Аўтар расказвае пра свае сустрэчы, пра ліставанне з абаронцам Брэсцкай крэпасці пісьменнікам Алесем Махначом, славутым класікам беларускай дзіцячай літаратуры Васілём Віткам, рускім паэтам Раманам Левіным, які шмат напісаў пра Брэст, Брэсцкую крэпасць… Тэма Вялікай Айчыннай вайны, тэма няпростага лёсу беларусаў — і ў кнізе гутарак і творчых партрэтаў Зіновія Прыгодзіча «Напачатку было слова: пра літаратуру і літаратараў». 

— «Звязда» традыцыйна была ўважлівая да лёсаў і творчасці пісьменнікаў ранейшых пакаленняў… 

— Так. Мы выдалі нават цыкл кніг: «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы», «Іван Шамякін: вядомы і невядомы», «Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы», «Сяргей Грахоўскі: вядомы і невядомы»… Збіраемся прадаўжаць гэтую своеасаблівую серыю. Падрыхтавана да друку і кніга Героя Сацыялістычнай Працы, народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна «Пераступаючы парог: з дзённікаў апошніх гадоў». Мяркуецца, што гэта выданне, якое ўкладзена нашчадкамі класіка, будзе складацца з двух тамоў ці дзвюх кніг. 

— Творы сучаснікаў… Чым парадуеце чытача?

— Запланавалі кнігу вядомага празаіка і паэта з Гродна Людмілы Кебіч «Неба ў дыямантах», дзе пад адной вокладкай — аповесць і шэраг апавяданняў, зборнік тапанімічных казак Генадзя Аўласенкі з Чэрвеня «Як чарцяня тром братам дапамагло», фантастычны дэтэктыў добра вядомага празаіка Сяргея Клімковіча «Повелитель игрушек». Мяркую, што чытачы з цікавасцю адкрыюць і старонкі «дзённікавага рамана» Віктара Шніпа «Заўтра была адліга-4». Міхась Пазнякоў прапанваў для юных чытачоў даволі адметную, яркую кнігу «Шануем, любім, ганарымся: падарожжа ў мінулае і сённяшні дзень Беларусі». «Дай лапу, Месяц!» — прыгодніцкая аповесць крытыка, гістарычнага пісьменніка Алеся Марціновіча, творчасць якога адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Падлеткам адрасаваны раман Ганны Чыж-Літаш «Шаснаццаць». 



— Даволі часта ў кнігарнях і бібліятэках можна сустрэць кнігі выдавецкага дома «Звязда», адрасаваныя самым юным чытачам... Што запланавана ў гэтым кірунку на наступны год?

Ужо па праве можна лічыць «звяздоўскімі» аўтарамі Сяргея Давідовіча, Міколу Чарняўскага, Паўла Гушынца, Кацярыну Хадасевіч-Лісавую, бо яны выдалі ў нас даволі шмат кніг. І вось у 2024 годзе запланавалі адразу дзве кнігі Сяргея Давідовіча — «Не жыццё, а казка» і «Незвычайны кухар», а таксама прадоўжым працу над творчым праектам Паўла Гушынца «Сказки для Веснушки» — пабачаць свет наступныя кнігі з гэтай серыі: «День рождения», «Черная статуя», «Гости». Раю юным чытачам і іх бацькам, арганізатарам выхаваўчай працы са школьнікамі звярнуць увагу на кнігі Тамары Бунта, Кацярыны Залескай, Міхаіла Чудакова, Дзмітрыя Вінаградава, Жанны Міус. Добра вядомыя пісьменнікі, якія пішуць у асноўным для дзяцей, падлеткаў. Запланаваны да выдання і аповесць-казка Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Вухуцік і Дзіва», паэма Алены Басікірскай «Быль пра шкодніка», зборнік казак Галіны Пшонік «Ты — мне, я — табе», вельмі кранальная казачная кніжачка Лёлі Багдановіч «Зорныя карункі», зборнік апавяданняў і казак Таццяны Дамаронак «Жоўты дзьмухавец Перамогі». Падлеткам адрасуе сваю кнігу Таццяна Каленік «Гартаючы аблокі марамі…», у падзагалоўку да якой такое вызначэнне жанру: «Цікавыя гісторыі для ўсёй сям’і». Пісьменніца разам са сваімі героямі разважае над тым, што падлеткавы ўзрост — самы час для пошукаў адказаў на шматлікія пытанні, на якія не заўсёды здольны адказаць нават дарослыя. Асобна хацеў бы вылучыць і дзве кнігі Дзмітрыя Мікалаева, творчасць якога сёлета, дарэчы, адзначана Літаратурнай прэміяй імя Алеся Савіцкага, якая заснавана ў Полацку. 



— Дарэчы, як вы ставіцеся да літаратурных прэмій, іншых адзнак пісьменнікам?

— Станоўча. Літаратурныя прэміі — гэта і пэўны складнік у справе рэкламавання, прапаганды кнігі. Калі пра кнігу гавораць, калі ёсць медыйная ўвага, звязаная з пэўнымі адзнакамі, то гэта, на мой погляд, спрыяе пашырэнню вядомасці пра пісьменніка і яго творчасць. Выдатна, што ў нас у краіне заснавана Нацыянальная літаратурная прэмія Беларусі. Штогод пісьменнікі сапернічаюць у гэтым важным конкурсе, імкнуцца трапіць у спіс тых кніг, за якія ідзе галасаванне, перажываюць, калі напаткала няўдача. Працуе цэлая сістэма літаратурных прэмій у рэгіёнах краіны — у абласцях. Магчыма, варта вярнуцца да ўсталявання прэмій і літаратурна-мастацкім перыядычным выданням. Зрабіць гэта ў нас час даволі няпроста. І ўсё ж варта паспрабаваць. Калі азірацца, напрыклад, на Расійскую Федэрацыю, расійскія рэгіёны, увогуле на расійскі літаратурны працэс, то прэмій там заснавана даволі шмат. 

— Прапаганда кнігі, прапаганда чытання папяровай кнігі... Чаго не хапае на гэтай ніве?

— Мне здаецца, што робіцца ў справе прапаганды шмат. Ёсць нямала станоўчых прыкладаў. І бібліятэкары рупяцца, і самі кніжныя выдавецтвы, упраўленні, аддзелы культуры. Мы са «Звязды» літаральна па ўсёй краіне ездзім. Удзельнічаем у многіх рэгіянальных, абласных кніжных фестывалях. Сёлета і ў Гомелі, і ў Карэлічах, і ў Барысаве, Асіповічах — дзе толькі не пабывалі!.. Сябруем з усімі абласнымі бібліятэкамі. Стараемся кожнае з нашых выданняў прэзентаваць, рэкламаваць праз прэзентацыі, праз жывыя сустрэчы з аўтарамі. Уражлівай зусім нядаўна атрымалася прэзентацыя кнігі доктара біялагічных навук Анатоля Федарука пра старадаўнія сядзібы ў Шчучыне. Дзякуй усім, хто спрычыніўся да арганізацыі прэзентацыі. Зала ў Палацы Друцкіх-Любецкіх была перапоўненая. Прыйшлі і бібліятэкары, і настаўнікі, кіраўнікі сістэм адукацыі і культуры, а таксама краязнаўцы, прыехалі на прэзентацыю госці з Гродна і Мінска. А калі такая ўвага, то і кніга дойдзе да чытача, знойдзе сваё месца ў выхаваўчым працэсе. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».
Апублікавана:
Праглядаў:
548