З любоўю да малой радзімы
Літаральна ў кожным нумары “Навін Камянеччыны” ў 2019 годзе выходзілі матэрыялы гісторыка-краязнаўчай тэматыкі. І гэта не выклікае здзіўлення, бо Камянеччына з’яўляецца бязвізавай зонай і можа стаць сапраўдным адкрыццём для турыстаў!
Разгорнутыя артыкулы, дапоўненыя шматлікімі фатаграфіямі, публікаваліся пад рубрыкамі “Кропка на карце” (аб вёсках раёна), “Чалавек на фоне эпохі” (пра знакамітых землякоў), “Год малой радзімы”, “Эпізоды гісторыі” і “Краязнаўства” (даследчыя матэрыялы мясцовых краязнаўцаў, у тым ліку і юных), рэпартажы са святкаванняў Дзён вёскі, “Унікальны слоўнік лексікі Камянеччыны” (дыялектныя словы, сабраныя нашымі чытачамі)...
Асаблівая ўвага ў 2019 годзе надавалася 80-годдзю з дня ўтварэння Камянецкага раёна: з нумара ў нумар выходзілі матэрыялы аб яго развіцці на працягу гэтага немалога адрэзка часу.
Але галоўнай падзеяй года, безумоўна, стаў унікальны гісторыка-краязнаўчы праект “Адкрываем Каменец нанова” мясцовага краязнаўцы Андрэя Асташэні, які выйшаў у 35 з 52 нумарах газеты.
Цыкл гэтых матэрыялаў паслужыў асновай для распрацоўкі турыстычнага маршруту па Каменцы для жыхароў і гасцей горада. Ён аб’яднаў у сабе 44 аб’екты і быў увасоблены ў выглядзе мабільнага дадатку на базе сусветнавядомай платформы izi.TRAVEL. Цяпер гаджэт любога карыстальніка можа прапанаваць вялікую і малую прагулкі па Каменцы. Перавага такога маршруту ў тым, што кожны зможа з дапамогай аўдыягіда на розных мовах цалкам бясплатна скарыстацца мабільным дадаткам і арганізаваць сабе займальнае падарожжа. Ужо сёння рускамоўны тэкст перакладзены на тры мовы: беларускую, англійскую, польскую, у планах – яшчэ літоўская.
Шчыра дзякуем памочнікам у моўным пытанні: Настассі Нарэйцы, Аляксандры Анішчук і Веры Саўчук.
Ля знакамітай Камянецкай вежы ўстаноўлены стэнд з QR-кодам дадатку. На працягу ўсяго маршруту ў 2020 годзе будуць устаноўлены спецыяльныя таблічкі-паказальнікі з QR-кодам, гістарычным каментарыем, схемай маршруту, старымі фатаграфіямі.
Вялікі банер з апісаннем усяго турыстычнага маршруту з'явіцца на аўтастаянцы ля помніка заснавальніку горада Алексе. З’явіцца захапляльны квэст па маршруце з запрашэннем спецыялістаў у гэтай галіне. Таксама маршрут “Знаёмцеся – Каменец!” будзе апублікаваны ў турыстычных буклетах, якія рыхтуюцца да выдання. На ўсе гэтыя мэты з бюджэту выдзелена больш за 8 тысяч рублёў.
Рэдакцыя раённай газеты прыняла актыўны ўдзел у распрацоўцы турыстычнага брэнда Камянецкага раёна, прапанаваўшы свой арыгінальны варыянт.
Падчас адкрытага галасавання ў сацыяльных сетках жыхары раёна абралі менавіта сімпатычную “Вежачку”( аўтар – таленавiты мастак Сафiя Андраюк). Цяпер гуляць па Каменцы стане цікавей удвая!
Галоўны рэдактар раённай газеты “Навіны Камянеччыны” Вiктар Дулевіч
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты “Навіны Камянеччыны”.