Бузоўскі: Пра ўвагу да пісьменніцкага слова сведчаць 30 гадоў падтрымкі
Горад Гарадок Віцебскай вобласці гатовы сустракаць вялікае свята. Галоўная сцэна, дзе пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, тэматычныя пляцоўкі, што збяруць найбольш зацікаўленых, кніжны кірмаш, які, несумненна, парадуе аматара чытання, — толькі невялікая частка чарговага Дня беларускага пісьменства.
— Акцэнт XXX Дня беларускага пісьменства — на юбілейныя даты, — расказвае намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі. — 30 гадоў — тэрмін, які дазваляе рэзюмаваць зробленае. Гэта быў час сур’ёзнай работы прафесіяналаў самых розных галін — пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, кнігараспаўсюджвальнікаў. І тут немагчыма не зрабіць выснову, што ў нас, у Рэспубліцы Беларусь, увага да кнігі надзвычайная. Яе ўдзяляе і Кіраўнік дзяржавы. Прававыя, нарматыўныя дакументы ў гэтай сферы, якія вызначаюць у тым ліку і святкаванне Дня беларускага пісьменства, сведчаць пра вялікую зацікаўленасць, неабыякавасць да развіцця галіны з боку ўлады. Пра ўвагу да пісьменніцкага слова сведчаць 30 гадоў падтрымкі, ацэненай на самых розных узроўнях, на міжнароднай арэне. Так, удзельнікі Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу — а гэта дыпламаты, пісьменнікі, выдаўцы — падкрэсліваюць унікальнасць стаўлення да кнігі ў нашай краіне. Гэта не пафас, а рэальныя ацэнкі.
Яшчэ адна ключавая дата, якой будзе ўдзяляцца ўвага падчас правядзення разнастайных тэматычных мерапрыемстваў, — 80-годдзе вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэма акупацыі і вызвалення Гарадоччыны, Перамогі будзе адлюстравана, напрыклад, у канцэртных нумарах урачыстых адкрыцця і закрыцця Дня беларускага пісьменства, у праграмах розных пляцовак, у тым ліку цэнтральнай. Па ацэнках намесніка Міністра інфармацыі, будзе прэзентавана вялікая колькасць праектаў, падтрыманых і рэалізаваных айчыннымі выдавецтвамі.
— Віцебская зямля славутая выдатнымі дзеячамі культуры, мастацтва і літаратуры, — нагадвае Ігар Бузоўскі. — Менавіта ўраджэнцы гэтых мясцін далі імпульс да развіцця беларускага кнігадрукавання. Гэтыя асобы, іх дзейнасць таксама знойдуць адлюстраванне ў розных праектах. Не забудуцца пра іх і падчас цырымоній адкрыцця і закрыцця свята. Між тым асобная тэма — 140-годдзе Янкі Маўра. Святкаванне яго юбілею само сабой разумеецца. Між тым гэта не проста чарговае згадванне класіка — адбудзецца прэзентацыя тома выбраных твораў «Мастацкай літаратуры».
Крышачку апярэдзіла Дзень беларускага пісьменства асобная ініцыятыва — рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка», цёпла сустрэты і падтрыманы дзятвой і моладдзю — аматарамі чытання і дэкламацыі вершаў. Ігар Бузоўскі звяртае ўвагу на руплівую падрыхтоўку ўдзельнікаў — ад выбару твора да прэзентацыі праекта на телебачанні. Між тым асобнай гаворкі заслугоўвае тэматыка, да якой звяртаюцца аматары паэзіі. Перамога, Вялікая Айчынная вайна, любоў да роднай зямлі і слова — ключавыя матывы твораў, якія зацікавілі канкурсантаў. Падвядзенне вынікаў творчага спаборніцтва ўжо адбылося — яркія нумары фіналістаў можна будзе ацаніць у тым ліку падчас урачыстага адкрыцця свята ў Гарадку.
— Не магу пакінуць па-за ўвагай наш Фестываль кнігі і прэсы, да арганізацыі якога прычыніўся вялізны калектыў, — адзначае намеснік Міністра. — Увазе наведвальнікаў будзе прапанаваны зрэз актуальнай рэспубліканскай прэсы, а таксама кнігі сучасных празаікаў, паэтаў, драматургаў, публіцыстаў кожнай з абласцей краіны — рэгіянальныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі прадставяць свае напрацоўкі. Хочацца, каб выданні, якія пабачылі свет цягам апошніх гадоў, не проста зацікавілі, а паслужылі асновай для сувязі пісьменнікаў з наведвальнікамі. Чытачы змогуць атрымаць адказы наконт таго, якая работа вядзецца ў рэгіёнах. Спадзяюся, падрыхтаваныя абласнымі аддзяленнямі праекты парадуюць усіх, хто з імі пазнаёміцца.
Дарэчы, пачатак Фестывалю кнігі і прэсы дасць праект «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» калекцыянера, гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава. Аўтар супрацоўнічае з рознымі дзяржаўнымі структурамі, арганізацыямі і пры падтрымцы Мінінфарма рэалізоўвае свае задумы. Апроч іншых цікавостак, якія суправаджаюць «Бацькаўшчыну», ахвотным будуць прапаноўваць стужкі з беларускім арнаментам. Мяркуецца, што «Стужка часу Бацькаўшчыны» стане сімвалам праекта.
Што тычыцца асновы праграмы, то напярэдадні традыцыйна ладзіцца рэспубліканская навуковаасветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Яе ўдзельнікамі за 30 гадоў стала 415 чалавек. 30 жніўня экспедыцыі быў дадзены старт. 1 верасня ж праходзіць круглы стол «Роля кнігі ў жыцці грамадства: мінулае і сучаснасць».
— Асаблівасць сёлетняй сустрэчы заключаецца ў тым, што адначасова з Днём беларускага пісьменства праходзіць Маскоўскі міжнародны кніжны кірмаш, дзе Беларусь выступае ганаровым госцем. Наш стэнд там — цэнтральны, у рамках яго работы мы і праводзім круглы стол. Такім чынам аб’ядноўваем, кансалідуем пляцоўкі Беларусі і Расіі. Хочацца, каб самыя розныя людзі, а не толькі пісьменнікі і выдаўцы, паразважалі пра тое, што кніга значыла раней і што такое кніга сёння. Ці змяніла сваю ролю? Што выдаецца апошнім часам? Наколькі новыя творы актуальныя? Наколькі неабходныя і важныя для асобнага чытача і для цэлай краіны?
2 верасня адбудуцца «Гарадоцкія чытанні» (навукова-практычная канферэнцыя).
— Гэта знакавая падзея. Хоць часта мы крытыкуем традыцыйную канферэнцыю — з-за невялікай аўдыторыі. Хацелася б, каб навуковыя чытанні набылі больш шырокі розгалас. Магчыма, гэта справа будучыні, — разважае Ігар Бузоўскі. — Цікавыя падзеі і факты, невядомыя ці малавядомыя шырокаму колу чытачоў, — прадмет навуковых даследаванняў. Спрыянне Акадэміі навук дапамагае мясцовым пісьменнікам, краязнаўцам, музейшчыкам, бібліятэкарам выкарыстоўваць новыя звесткі ў адмысловых праектах.
Ключавой падзеяй свята Ігар Бузоўскі называе ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Так, намеснік Міністра інфармацыі падзяліўся наступным фактам: адзін з пераможцаў праекта LitUp стаў фіналістам галоўнай прэміі па літаратуры ў Беларусі. Што да астатніх цікавостак… Завітвайце на Дзень беларускага пісьменства ў Гарадок!
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».