Фінал студэнцкага літаратурнага конкурса “БрамаМар”
15 мая ў Інстытуце журналістыкі БДУ адбудзецца фіналстудэнцкага літаратурнага конкурса “БрамаМар” і яго школьнай часткі “БрамаМар-юні”. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкі дом “Звязда” і Інстытут журналістыкі БДУ.
Конкурс праводзіцца штогод на базе творчай лабараторыі «Крытык» кафедры літаратурна–мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ. Завочны этап пачаўся яшчэ ў лістападзе, калі быў абвешчаны прыём творчых работ па шасці намінацыях для студэнтаў (проза, паэзія, крытыка, пераклад, драматургія, твор для дзяцей) і па дзвюх намінацыях для школьнікаў (проза і паэзія). Днямі журы конкурсу, у склад якога ўвайшлі пісьменнікі і рэдактары, вызначылі найбольш “моцныя” творы, аўтары якіх будуць запрошаны ў Інстытут журналістыкі для ўдзелу ў вочным этапе. На працягу аднаго дня — 15 мая — адбудуцца майстар-класы, выкананне творчых заданняў, вызначэнне пераможцаў па выніках абодвух этапаў і ўрачыстае ўзнагароджванне. Усе ўдзельнікі фіналу атрымаюць сертыфікаты конкурсу, пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі. Акрамя таго, кожны ўдзельнік фіналу атрымае ў падарунак добрую кнігу і экзэмпляр часопіса “Маладосць”. Кнігі прадастаўлены арганізатарамі і партнёрамі — выдавецтвамі “Беларусь”, “Чатыры чвэрці”, “Беларуская энцыклапедыя” і Выдавецкім домам “Звязда”.
Па традыцыі ў конкурсе прымаюць удзел студэнты больш чым дзясятка навучальных устаноў вышэйшай адукацыі, а таксама школьнікі з усёй краіны. Найлепшыя студэнцкія творы будуць надрукаваны ў часопісах «Маладосць», найлепшыя творы школьнікаў чакаюцца на старонках часопіса «Бярозка».