Кнігу Айтматава ў перакладзе на беларускі і нумар «ЛiМа» з артыкулам пра пісьменніка падаравалі музею «Ата-Бейіт»

Кнігу Айтматава ў перакладзе на беларускі і нумар «ЛiМа» з артыкулам пра пісьменніка падаравалі музею «Ата-Бейіт»

У час працы XVI Міжнароднага форума творчай і навуковай інтэлегенцыі ў Бішкеку беларуская дэлегацыя падаравала музею мемарыяльнага комплекса «Ата-Бейіт» кнігу лаўрэата Ленінскай прэміі Чынгіза Айтматава «Буранны паўстанак: І вякуе дзень даўжэй за век», выдадзеную ў Мінску ў 2018 годзе. Пераклад ажыццеўлены Міхасем Стральцовым. Упершыню раман асобнай кнігай быў надрукаваны па-беларуску ў 1987 годзе. 

Уручаючы кнігу дырэктару музея комплекса «Ата-Бейіт», намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач адзначыў вартасці таго народа, зто захоўвае свае гістарычныя традыцыі. Разам з беларускім выданнем легендарнага рамана ў музей мемарыяльнага комплекса, на тэрыторыі якога пахаваны Чынгіз Айтматаў, беларусы перадалі і іншыя артэфакты — газету «ЛiМ» з публікацыяй артыкула пра класіка сусветнай літаратуры, копію фотаздымка з беларускага архіва, дзе побач з Чынгізам Айтматавым — наш Пятрусь Броўка. 

Каментуючы падзею, дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч адзначыў:

— Айтматаў з пісьменнікаў вельмі блізкіх да ўсіх, хто прагне гуманістычнага развіцця краін і народаў. Наведаўшы комплекс «Ата-Бейіт», дзе ўшанаваны і бацька пісьменніка Т. Айтматаў як ахвяра сталінскіх рэпрэсій, і дзесяткі яго паплечнікаў, якія складалі эліту кыргызскага народа, пераконваешся ў вартасцях збірання па крупінках сапраўднай гісторыі мінулых часін. Разам з беларускай дэлегацыяй мемарыяльны комплекс наведалі пісьменнікі, вучоныя з Расіі, іншых краін СНД, — і несумненна, іх знаёмства з такой мясцінай адаб’ецца ў іх творчасці

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».
Апублікавана:
Праглядаў:
423