Бадак: «Апроч знакамітых беларускіх класікаў ёсць шэраг іншых выдатных творцаў, якіх таксама трэба выдаваць і чытаць»

13.05.2023
Просмотры: 170
Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак расказаў пра планы ўстановы і на што сёння абапіраецца яе палітыка.

4_19_badak.jpg

— Алесь Мікалаевіч, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выходзяць серыі кніг, што з’яўляецца даўняй традыцыяй. Раскажыце пра іх.

— Апошнім часам шмат працуем над праектам «Народная бібліятэка»: выдаём аўтараў, якія складаюць залаты фонд беларускай літаратуры, а таксама сучасных.

У нашым літаратуразнаўстве атрымалася своеасаблівая паўза: прывыклі, што калі кажам «класічныя творы», то абмяжоўваемся знакамітымі Купалам — Коласам — Багдановічам альбо Быкавым — Караткевічам. Але ёсць і шэраг іншых выдатных творцаў, чые кнігі трэба абавязкова выдаваць і чытаць. З такой думкай і стваралася серыя.

Раней была надзвычай папулярнай «Бібліятэка беларускай паэзіі» — выходзіла вялікімі тыражамі. Мы вырашылі аднавіць і абнавіць серыю пасля 30-гадовага маўчання — змянілі фармат, бо сённяшні чытач хоча, каб кніжка была прыгожа аформлена, выкарыстоўваем усе магчымасці паліграфіі, каб прынесці радасць аматарам чытання. Так, у гэтай серыі нядаўна пабачыў свет зборнік Яўгеніі Янішчыц. У планах — выданне вершаў Анатоля Грачанікава, Максіма Танка, Генадзя Пашкова. Акрамя таго, вырашылі выдаць Максіма Багдановіча і ў гэтай серыі, нягледзячы на тое, што яго творы ўжо два разы выходзілі ў «Народнай бібліятэцы». Прадумалі цікавы ход: плануецца ўзнаўленне зборніка «Вянок»; кожны, хто цікавіцца паэзіяй, пабачыць: «Вянок» — узор таго, як трэба рабіць паэтычныя кнігі… Пакінулі структуру «Вянка», творы ў ім змясцілі ў аўтарскім парадку. Спадзяёмся, гэта будзе цікава нашым маладым паэтам: каб разгарнулі і зразумелі, як рабіліся кнігі сто дзесяць гадоў таму. Цудоўныя і пабудова, і напоўненасць — няхай зборнік стане для іх прыкладам. Апроч таго, у кнізе будзе і ілюстрацыйны матэрыял: вершы Максіма Багдановіча, напісаныя яго рукой, лісты, дасланыя ў «Нашу Ніву», дзе ён пісаў, што варта ўключыць у зборнік, а што не трэба.

Сёлета выходзіць том «Якуб Колас» у серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Мы абнавілі яе. Цяпер яна складаецца з біяграфіі таго ці іншага героя ў храналагічным парадку, дзе ўвесь жыццёвы і творчы шлях прасочваецца праз успаміны і біяграфічныя звесткі, праз бачанне ўкладальніка, які з’яўляецца і аўтарам кнігі. Напрыканцы мінулага года з’явілася серыя «Мір класікі», дзе плануецца выдаваць узоры сусветнай літаратуры, у тым ліку і беларускія, пераствораныя па-руску. Праект варты ўвагі, бо кнігі беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на іншыя мовы, у тым ліку рускую, выходзяць вельмі рэдка, і замежныя пісьменнікі недастаткова добра знаёмы з беларускай літаратурай — іх веды абмяжоўваюцца ХХ стагоддзем, а кнігі, што выходзяць у ХХІ, да іх не трапляюць — вырасла пакаленне чытачоў, якія не ведаюць нашых класікаў... Так, выдалі ў гэтай серыі том Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», Івана Мележа «Людзі на балоце», на чарзе — «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна.

— На сайце выдавецтва з нядаўняга часу адзначаюцца лідары прадаж. Ці ўплываюць гэтыя звесткі на далейшую палітыку выдавецтва?

—  Безумоўна. Рэйтынгі прысутнічаюць у выдавецкай справе ва ўсім свеце. Праводзіліся заўжды і ў нас, але мы выкарыстоўвалі іх толькі для сябе, калі складалі планы і вырашалі, што выдаць, арыентуючыся на чытацкі попыт і тое, што запатрабавана бібліятэкамі, што найлепш прадаецца ў кнігарнях. У пэўны момант сталі паказваць звесткі і чытачам. Лічу, што гэта павінна быць цікава і пісьменнікам, каб яны бачылі, якія жанры сёння найбольш запатрабаваныя і што ўвогуле адбываецца на кніжным рынку і ў дзіцячай, і ў дарослай літаратуры. Праўда, лічбы — толькі вяршыня айсберга...

— А што з накладамі? 

— Хацелася б, каб яны былі большымі. Так, сталыя супрацоўнікі выдавецтва памятаюць значна большыя, чым сёння. Але і ў іншых краінах у сусветнай мастацкай літаратуры тэндэнцыі такія ж. Калі сёння мы выдаём прозу накладам тысяча экзэмпляраў — гэта ўжо не так і мала, хоць адна з галоўных нашых задач — рабіць усё, каб наклады раслі. Ды гэта залежыць не толькі ад нас, але і ад аўтараў, якія могуць прапагандаваць сваю творчасць і творчасць калег праз сацыяльныя сеткі. Так, агульнымі намаганнямі можна павялічыць наклады — патэнцыял у беларускай літаратуры і ў кнігавыдання ёсць.

Інтэрв'ю падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».