Беларускія кніжныя графікі зоймуцца распрацоўкай ілюстрацый да кнігі ўзбекскіх народных казак
Адзін з кіраўнікоў у галіне рэалізацыі сумесных беларуска-узбекскіх адукацыйных праектаў наведаў Мінск з мэтай пашырэння гуманітарных стасункаў паміж краінамі. Раней спадар Амілхан Ісмаілаў у размове з дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома «Звязда» Алесем Карлюкевічам адзначыў медыйную, кнігавыдавецкую вагу ў наладжванні такіх стасункаў. Расказаў пра тое, што ў Ташкенцкім педагагічным універсітэце навучаюцца студэнты, якія займаюцца і на факультатыве беларускай мовы. У апошні час менавіта іх намаганняміі былі арганізаваны вечарыны, прысвечаныя творчасці народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Максіма Танка. Прайшла ва ўніверсітэце і імпрэза пра жыццё і творчасць берасцейскай паэтэсы Ніны Мацяш. Чацвёрты год запар будучыя ўзбекскія педагогі ўдзельнічаюць у «Зорным паходзе» студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Размова ў «Звяздзе» ішла пра выданне кнігі ўзбекскіх народных казак на беларускай і ўзбекскай мовах. Мяркуецца, што ўдзел у гэтым творчым праекце прымуць беларускія кніжныя графікі. Спадару Амілхану Ісмаілаву была перададзена бібліятэчка кніг Выдавецкага дома «Звязда». Сярод выданняў — і том з серыі «Сугучча сэрцаў: Беларусь — Узбекістан», дзе на рускай мове прадстаўлены творы сучасных беларускіх і ўзбекскіх пісьменнікаў.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».