Беларускія народныя казкі на кітайскай мове хочуць выдаць у КНР

25.08.2018
Просмотры: 2438

Беларускія народныя казкі на кітайскай мове хочуць выдаць у КНР

Беларускія кнігавыдаўцы наладзілі ўзаемавыгадныя кантакты з калегамі і спецыялістамі выдавецка-паліграфічнай сферы на Пекінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы, якая праходзіць у сталіцы Кітая з 22 па 27 жніўня. У другі дзень форуму члены беларускай дэлегацыі акрамя работы на нацыянальным стэндзе правялі плённыя сустрэчы. У Пекінскім універсітэце замежных моў адбыўся форум кнігавыдаўцоў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія стварылі асацыяцыю "Шаснаццаць плюс адзін", гэта значыць шаснаццаць еўрапейскіх краін і Кітай. Яе галоўная місія - захоўваць дасягненні чалавечай цывілізацыі, злучаць культуры народаў свету. Прадстаўнікі Беларусі і Расіі ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве ў якасці наглядальнікаў, каб у перспектыве стаць паўнапраўнымі членамі асацыяцыі. Па выніках сустрэчы ў выдавецтве ўніверсітэта FLTRP дырэктар выдавецтва "Мастацкая лiтаратура" Алесь Бадак падпісаў дагавор аб выпуску серыі кніг "Канцэптуальныя пытанні кітайскай культуры". У сваю чаргу калегі з КНР зацікавіліся магчымасцю выдання беларускіх народных казак на кітайскай мове. Дырэктару выдавецтва "Народная асвета" Вікторыі Калістратавай партнёры з КНР прапанавалі разгледзець кантрольныя экзэмпляры навучальных дапаможнікаў на кітайскай мове для дзяцей дашкольнага ўзросту і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў з магчымасцю бязвыплатнай перадачы аўтарскіх правоў на іх і выданне гэтых дапаможнікаў у Беларусі. Ад кітайскіх калег паступіў запыт на падрыхтоўку і выданне навучальных дапаможнікаў па беларускай мове для студэнтаў Пекінскага ўніверсітэта. Гэтыя пытанні ў рабочым парадку будуць прапрацоўвацца з Міністэрствам адукацыі Беларусі. Разглядалася пытанне аб падрыхтоўцы з выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя" беларуска-кітайскага і кітайска-беларускага слоўніка, а таксама кітайскіх размоўнікаў. У адпаведнасці з глабальнай стратэгічнай праграмай КНР "Адзін пояс, адзін шлях" у Кітаі ўдзяляюць вялікую ўвагу вывучэнню спецыфікі эканамічных працэсаў з улікам нацыянальных і культуралагічных асаблівасцей ключавых краін праекта, у тым ліку Беларусі. Таму дырэктар "Беларускай энцыклапедыі" Уладзімір Андрыевіч і дырэктар Цэнтра моўнага абслугоўвання краін, што ўваходзяць у праект "Адзін пояс, адзін шлях", Пэн Данлін дамовіліся аб планах падрыхтоўкі і выдання на кітайскай мове кніг па гісторыі Беларусі, культуры, аб традыцыях, звычаях і самабытнасці народаў, якія пражываюць на беларускай зямлі. Намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі і генеральны дырэктар ААТ "Белкніга" Аляксандр Вашкевіч сустрэліся з топ-менеджарамі кампаніі HUAWEI. Абмяркоўваліся тэхналагічныя магчымасці кампаніі па ўдасканаленні дзейнасці і мадэрнізацыі кнігагандлёвай сеткі "Белкніга" з улікам SEO-магчымасцей кампаніі. Адпаведную прапанову плануецца выпрацаваць сумесна з ААТ "Белкніга" і прадстаўніцтвам HUAWEI ў Беларусі. (крынiца БелТА)