Каля тэлевiзара з народнай артысткай Беларусi Зояй Белахвосцiк

29.04.2020
Просмотры: 844

Сабрацца сямейным колам 

У час выпрабаванняў кожнаму даецца шанец успомнiць пра сямейныя каштоўнасцi. Зараз, калi наш Купалаўскi тэатр адмянiў спектаклi, я запiсваю ўспамiны пра дзядулю, пра бацьку… Можа, нават пачытаю гэта для запiсу. Параю бацькам i дзецям зладзiць сямейны прагляд з дапамогай старога доб­рага фiльма «Прыгоды Бурацiна», якi 2 мая будзе iсцi на канале «Беларусь 3» (11.25). У гiсторыi ўвогуле было не так шмат рэжысёраў, якiя ўмелi здымаць цудоўныя фiльмы для дзяцей. Тое, што Леанiд Нячаеў ствараў на «Беларусьфiльме», — наша беларускае шчасце. Сёння эстафету працягвае Алена Турава — менавiта ў яе стужцы «Кiндэрвiлейскi прывiд» я атрымала свой першы досвед здымкаў у дзiцячым кiно. Фiльмы Леанiда Нячаева вельмi добрыя, i яны не толькi для дзяцей. 

З задавальненнем перагледжу «Прыгоды Бурацiна», каб адшукаць новыя асацыяцыi, параўнаць свае адчуваннi з тымi, якiя ўзнiкалi раней. Там ёсць эзопава мова — у стужках Нячаева заўсёды яна ёсць, ён гаварыў пра сур’ёзныя праблемы прыхавана, калi пра гэта нельга было сказаць наўпрост. 

Мне здаецца, вельмi важна, што ад гэтага фiльма i бацькi, i дзецi атрымаюць настрой на пазiтыў, на тое, што выйсце заўсёды ёсць, калi трымацца ра­зам.

Успомнiць пра светлае

Яшчэ адну магчымасць настроiцца на светлае дасць канал СТБ, на якiм 1 мая будуць паказаныя адразу i фiльм «Белыя Росы» Iгара Дабралюбава (17.55), i ягоны сiквэл «Белыя росы. Вяртанне», зняты ў 2014 годзе Аляксандрай Бутар па сцэнарыi таго ж Аляксея Дударава (21.00). Цудоўныя артысты… Прафесiяналы высокага ўзроўню. Вядома, складана параўноўваць першы фiльм, якi стаў класiкай, i сучасны працяг. Але што ж, хай будзе i такi варыянт. Цяпер увогуле час сiквэлаў, серыялаў. Што зробiш, даводзiцца здымацца i ў серыялах, бо калi не будзеш здымацца нiдзе, забудзешся на прафесiю, развучышся перад камерай стаяць. Зараз, на жаль, усе здымкi прыпынены ў сувязi з пандэмiяй каронавiруса. Паглядзiм «Белыя Росы», настроiмся на светлае, аб нечым можна i паплакаць, панастальгiраваць. Усё роўна застанецца ўзнёслае пачуццё i надзея. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”