Літаратурная вандроўка з Анатолем Зэкавым
11 лютага ў рамках акцыі “Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі – дзецям” у Бараўлянскай сярэдняй школе № 2 адбылася творчая сустрэча з беларускім пісьменнікам Анатолем Зэкавым, якую арганізаваў Выдавецкі дом «Звязда». Аўтар прэзентаваў свае кнігі «Непаслухмяны Чмелік», «Птушыныя арэлі», «Як Гаўка ў космас збіраўся».
Госці сустрэчы атрымалі цудоўную магчымасць пазнаёміцца з творчасцю вядомага беларускага паэта, празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Анатоль Зэкаў напісаў некалькі разнастайных кніг. Асноўныя тэмы паэтычнай творчасці – роздум аб вечных праблемах, якія ставіць жыццё перад чалавецтвам: дабра i зла, любові i нянавісці. Таксама ён стварыў мноства кніг для дзяцей: «Чатыры зярняткі», «Не казкі пра Сашку», «Зязюля Гулюля» і інш.
У кнігах, адрасаваных юным чытачам, паказаў сябе такім жа майстрам, удумлівым, лаканічным, дасціпным і сучасным. Вершы Анатоля Зэкава перакладаліся на рускую, таджыкскую і чувашскую мовы, уключаны ў школьныя падручнікі.
Напрыканцы сустрэчы ўсе госці атрымалі падарункі і, вядома, аўтограф пісьменніка.
Сустрэчы працягваюцца!
Крыніца - "Звязда".