Семінар маладых літаратараў “Першацвет” збярэ лепшыя літаратурныя сілы пачынаючых творцаў Беларусі

18.07.2018
Просмотры: 610
Ініцыятыву Саюза пісьменнікаў Беларусі даць штуршок новай літаратурнай плыні падтрымала Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Сярод шматлікіх мерапрыемстваў XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу гэтай падзеі надаецца асаблівае значэнне.

Па словах міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч, гэта дазволіць выявіць новую творчую моладзь, захопленую пісьменніцкай справай. Праведзеныя прафесійнымі пісьменнікамі заняткі ў секцыях прозы, паэзіі, крытыкі, перакладу дапамогуць маладым літаратарам ва ўдасканаленні сваіх твораў. Адна з роляў кніжнай выставы як раз і заключаецца ў тым, каб далучаць да творчасці новых аўтараў, презентаваць іх выданні на будучых кніжных форумах.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец падзею падобнага кшталту  такім чынам звязвае з яе далейшым перспектыўным гучаннем: “Мы за новыя імёны ў літаратуры і за магчымасць абнавіць творчы склад Саюза маладымі літаратарамі. Упрыватнасці, гэтага чакае чытач, якога цікавіць погляд  маладых творцаў на рэаліі сучаснага супярэчлівага свету.  Гэта літаратура будучага,  падмурак якой ствараем сёння”.

Удзел у семінары маладых літаратараў прымуць пераможцы міжнароднага літаратурнага конкурсу “Першацвет”, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Выдавецкі дом “Звязда” і выдавецтва “Мастацкая літаратура”.  У якасці ўзнагароды кожны з  асабліва адзначаных журы конкурсу аўтараў атрымае  выдадзены зборнік “Першацвет”. Да актыўных удзельнікаў  семінара далучацца і маладыя творчыя галасы з усёй рэспублікі. Гэтыя аўтары ўжо заявілі аб сабе на старонках літаратурных выданняў нашай краіны, многія зрабілі пробы пяра за мяжой, сталі пераможцамі літаратурных конкурсаў рознага масштабу. Літаратальна кожны з пачаткоўцаў выдаў у свет сваю першую кніжку. 

У першы дзень работы выставы – у 14.30 адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў міжнароднага конкурсу маладых літаратараў “Першацвет”. Падчас урачыстасці спецыяльныя прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі атрымаюць “Лепшы малады празаік” і “Лепшы малады паэт”. Выступяць і самі маладыя творцы. Яны прэзентуюць свой  зборнік “Першацвет”, выдадзены “Мастацкай літаратурай”.

9 снежня 2017 года маладыя літаратары, а гэта амаль 50 паэтаў перакладчыкаў, крытыкаў, перакладчыкаў, прымуць удзел у пленарным паседжанні Міжнароднага сімпозіўма  літаратараў “Пісьменнік і час”, які пачнецца ў 11.00 у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У 14.30 пачнуць сваю працу секцыі. Размову аб творчасці будуць весці знакамітыя майстры слова – мадэратары секцый  Віктар Шніп, Валянціна Паліканіна, Міхась Пазнякоў, Алесь Бадак, Зіновій Прыгодзіч, Сяргей Трахімёнак,  Анатоль Андрэеў, Ірына Шаўлякова, Яўген Гарадніцкі, Мікола Мятліцкі, Юлія Алейчанка, Адам  Шостак. Кожны з іх загадзя пазнаёміўся з творамі маладых літаратараў і гатовы зрабіць кампетэнтны аналіз іх літаратурных памкненняў. 

У 17.00 у галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будуць падведзены вынікі семінара маладых літаратараў.