У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга Алены Стэльмах «Слова за словам»

11.04.2022
Просмотры: 101

У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга Алены Стэльмах «Слова за словам»

Алена Стэльмах выдала шматжанравую кнігу «Слова за словам» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022), у якой сабрала разам эсэ, інтэрв’ю, нарысы пра знакавыя постаці ў розных нацыянальных прасторах, публіцыстычныя нататкі, рэцэнзіі, водгукі.

Зборнік падаецца своеасаблівым пісьменніцкім «дзённікам часу». Аўтар шчыра, адкрыта гаворыць пра свае зацікаўленні, паказвае стасункі беларускай літаратуры з іншымі нацыянальнымі сусветамі, выкладае свае чытацкія ўражанні пра кнігі прозы і паэзіі. Дарэчы, што да апошняга, то хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу на тое, хто з пісьменнікаў, якія кнігі сталі прадметам разваг, тэмай рэцэнзій. Алена Стэльмах піша пра кнігу паэзіі Івана Юркіна «Золотые рассветы мои», раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро», паэтычны зборнік Андрэя Скарынкіна «Цветы на кургане», раман Уладзіміра Саламахі «Калі ўпадзе адзін...», раман Віктара Праўдзіна «Парыж, Эйфелева вежа і...», краязнаўчую кнігу Алеся Карлюкевіча «Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі», паэму Алеся Казекі «Марыйка», паэтычныя кнігі Тамары Красновай-Гусачэнка «Будем жить...», Міхася Башлакова «На зветраных шляхах»... У такім выбары праяўляецца відавочнае жаданне аўтара аглядаць сучасныя здабыткі, убачыць усё тое, што фарміруе агульнуую плынь. 

Істотную частку кнігі Алены Стэльмах займаюць матэрыялы, звязаныя з нацыянальнымі літаратурамі народаў Паўночнага Каўказа, Казахстана. Саліх Гуртуеў, Хасан Тхазёплаў, Баянгалі Алімжанаў — з пакалення пісьменнікаў, якія памятаюць вопыт літаратурнага жыцця ў СССР, былі, безумоўна, знаёмы з многімі беларускімі літаратарамі, цікавіліся беларускай літаратурай. Многія згадкі пра ранейшыя, савецкія часіны не дакучаюць, а наадварот — гучаць як напамін пра еднасць мастацкага слова з жыццём. 

Кніга Алены Стэльмах, выдадзеная ў Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, — добры творчы мост паміж чытачом і пісьменнікам, добры ўклад у прапаганду светлых літаратурна-мастацкіх памкненняў, шчырая размова пра грамадзянскасць і духоўнасць у мастацтве і літаратуры. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».