Узнагароджаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу эсэ
У сталічным Доме літаратара ўзнагародзілі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу эсэ «Адрасы роднага слова», які праводзіўся часопісам «Роднае слова», газетай «Літаратура і мастацтва» пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі.


Творчае спаборніцтва было прымеркавана да юбілейных дат знакавых сродкаў масавай інфармацыі ў культурна-адукацыйнай прасторы нашай краіны. Бо адзначалі 100-годдзе часопіса «Полымя», 90-годдзе газеты «Літаратура і мастацтва» і да юбілейных дат класікаў беларускай літаратуры.

Дыпломамі пераможцаў узнагароджаны 30 навучэнцаў з самых розных навучальных устаноў нашай краіны. Геаграфія ахоплівае блізкія і далёкія кропкі на карце Беларусі.

— Конкурс «Адрасы роднага слова» вельмі дарагі і нашаму саюзу, таму што ён паказвае сапраўдныя адрасы прыгожага беларускага пісьменства. Вашы эсэ расказалі нам, якія пісьменнікі прыязджалі ў вашу мясцовасць, нарадзіліся там альбо талент іх быў выхаваны ў вашых мясцінах. Не ведаю, якім будзе далейшы лёс гэтай справы, але мы з калегамі зацікаўленыя ў тым, каб яна працягвалася. Мы будзем радыя, калі гэтыя работы, эсэ не проста прыцягнуць вас у філалогію, але і стануць для вас справай жыцця. І нам будзе прыемна, калі вашым спадарожнікам заўсёды будзе мастацкае слова, каб вы былі здольныя не толькі здольныя пра яго расказаць, але і самі працягвалі ствараць, — адзначыў у прывітальным слове старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.

Таксама прысутныя пісьменнікі Алесь Бадак, Віктар Шніп, Міхась Пазнякоў, Іна Фралова павіншавалі пераможцаў з іх першымі крокамі ў творчасці і пажадалі не губляць творчага запалу, помніць, што не менш важнымі будуць іх наступныя творы. Ім уручылі дыпломы, падзякі і памятныя падарункі.



Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».